Ta strona korzysta z plików cookies w celach statystycznych. Korzystając ze strony wyrażasz zgodę na używanie plików cookies zgodnie z aktualnymi ustawieniami przeglądarki. Kliknij >>tutaj<< aby dowiedziec się więcej o plikach cookies.
 
E-mail
Foreign language articles - Артыкулы на беларускай мове

Гісторыя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы


Да расколу

Гісторыя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы пачынаецца ад таго часу, як дрыгавічы, крывічы, радзімічы і балты, якія насялялі тады нашу краіну, пачалі прымаць хрост. Як вядома, нашы продкі пачалі хрысціцца яшчэ да таго, як вялікі князь кіеўскі Уладзімір Сьвятаславіч (у хросьце Васіль) прыняў хрысьціянства афіцыйна. Можна меркаваць, што хрысьціянізацыя на нашых землях праводзілася паступова, бяз узбурэньняў і закалотаў. Ва ўсякім разе гістарычныя крыніцы не паведамляюць нам пра ўзброеныя сутычкі паміж хрысьціянамі і паганамі.

Для евангелізацыі народа патрабавался пэўная колькасьць духавенства, якое б ведала мясцовыя гаворкі, але даць адпаведную лічбу сьвятароў ні Візантыя, ні Балгарыя не маглі. Падрыхтоўка духавенства ўскладалася на мітрапаліта Кіеўскага і падначаленых яму біскупаў. Так, у 982 годзе была заснаваная Полацкая катэдра, а да 1005 года – Тураўская. Трэба памятаць, што ў час афіцыйнага прыняцьця хрысціянства, Царква, нягледзячы на пэўныя дагматычныя і літургічныя адрозненні паміж памеснымі Цэрквамі, заставалася яшчэ адзінаю, а архібіскуп Канстанцінопаля прызнаваў пяршэнства біскупа Рыму.

Евангелізацыю нашых продкаў, акрамя святароў прысланых з Візантыі і Балгарыі, вяло і лацінскае духавенства. Так, гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што ў Полацкай зямлі служыў славуты Торвальд Кодрансан, хрысьціцель Ісландыі. У 1000 г. – пасля таго, як Ісландыя была ахрышчана – Торвальд здзейсьніў пілігрымку ў Сьвятую Зямлю, а адтуль праз Канстанцінопаль і Кіеў ён трапіў у Полацкую зямлю. Як паведамляе ісландская сага, ён памёр недалёка ад Полацка і пахаваны пры царкве сьвятога Яна Хрысьціцеля. Народ жа лічыў яго святым. Іншая сага сьцвярджае, што Торвальд Вялікі Вандроўнік заснаваў у Полацкай зямлі манастыр. Асобныя гісторыкі лічаць, што гаворка ідзе пра манастыр сьв. Яна, які знаходзіўся на востраве насупраць полацкага Верхняга замка.

Калі зьвесткі пра Торвальда не ўдакументаваныя, дык пра біскупа Рэйнбэрна з Калабжэгу, які разам з дачкою польскага князя Баляслава Харобрага жыў у Тураве, вядома дакладна. Біскуп быў духаўніком князёўны, якая выйшла замуж за тураўскага князя Сьвятаполка Яраполчыча, прыёмнага сына Ўладзіміра Сьвятаславіча. Падазраючы змову супраць сябе, Уладзімір загадаў схапіць прыёмнага сына, нявестку і біскупа ды кінуць іх у кіеўскую цямніцу. Біскуп Рэйнбэрн у зьняволеньні памёр, а князь Сьвятаполк і княгіня пад ціскам Баляслава былі вызваленыя.

Пазней кіеўскія летапісцы ўзвялі на Сьвятаполка паклёп, быццам ён забіў сыноў Уладзіміра – Барыса і Глеба, першых рускіх святых. Рабілася гэта, каб нейк “аблегчыць” віну Уладзіміра, які забіў свайго брата Яраполка, Святаполкавага бацьку. Аднак скандынаўская сага з падрабязнасцямі паведамляе, што князя Барыса па просьбе яго брата Яраслава Мудрага забілі варагі. Глеба ж, як цяпер вядома, забілі пагане. На жаль, і дагэтуль Сьвятаполк Яраполчыч не рэабілітаваны Царквою.

Раскол

Нельга сказаць, што царкоўны раскол 1054 году – калі кардынал Гумбэрт самаўпраўна, не спытаўшыся дазволу Папы, пракляў архібіскупа Новага Рыму, а Патрыярх Канстанцінопалські пракляў рымскага біскупа – узрушыў жыцьцё Полацка, Кіева і Ноўгарада. Полацк па-ранейшаму меў сувязі з варагамі, якія не характарызаваліся варожасьцю. Дый адносіны з хрысціянамі Заходняй Еўропы засталіся даволі прыязнымі, пра што сьведчыць прыклад беларускай сьвятой Еўфрасіньні Полацкай.

Сьвятая Еўфрасіньня, якая шмат сіл паклала дзеля пашырэньня хрысьціянства і асьветы свайго народу, заўсёды марыла пра пілігрымку ў Сьвятую зямлю. Калі яна разам са сваімі спадарожнікамі ступіла на тэрыторыю Візантыйскай імперыі, на сустрэчу з ёю выехаў яе сваяк, візантыйскі басілеўс Мануіл Камнін. Калі ж Еўфрасіння прыйшла пад сьцены Ерусаліма, у якім панавалі крыжакі, дык там каралём быў Амальрых І, таксама сваяк Еўфрасінні (па лініі княгіні Рагнеды), жанаты з пляменьніцай імператара Маніула.

У той час як свае подзьвігі зьдзяйсняла Еўфрасіння, у Тураўскай зямлі праславіўся манах Кірыла, якога тураўцы ўпрасілі стаіць іхнім біскупам. У творах гэтага выдатнага царкоўнага пісьменьніка і прапаведніка мы не сустракаем палемікі з заходнім хрысціянствам. Вельмі красамоўны і такі факт. Калі ў 1186 годзе у вусці Дзвіны высадзіўся нямецкі місіянер Мэйнард, ён атрымаў ад полацкага князя, якому была падуладная і гэтая тэрыторыя, права евангелізаваць тамтэйшых балтаў і ліваў. Такі ж дазвол атрымаў і наступны місіянер – Бэртольд. Праўда, гэты сьвятар прыехаў не адзін – з рыцарамі. Бэртольд навяртаў ліваў і балтаў у хрысціянства не толькі словам. Рыцары, якія прыехалі з ім, часта даставалі меч. І ў 1198 годзе Бэртольд быў забіты лівамі.

У 1200 годзе ў вусьці Дзьвіны на чале з біскупам Альбэртам высадзіўся цэлы дэсант манахаў і рыцараў, а праз два гады (1202) Папа зацьвердзіў статут ваенна-манаскага Ордэну братоў воінства Хрыстова, або Ордэну мечаносцаў. Менавіта ў 1202–1203 гг. адбыліся першыя збройныя сутыкненьні палачан з мечаносцамі. Наступны канфлікт разгарэўся ў 1206 годзе.

У той час, калі пачаліся збройныя канфлікты хрысьціянскага Полацка з заходнімі хрысьціянамі, у другой частцы сьвету рыхтаваўся і быў зьдзейсьнены IV крыжовы паход. Калі ранейшыя крыжовыя паходы былі скіраваныя супраць ісламскага панаваньня ў Сьвятой Зямлі, дык на гэты раз мэтаю паходу быў цэнтр усходняга хрысьціянства – Канстанцінопаль. У 1204 годзе сталіца Візантыйскай імперыі пала. На большай частцы Балканскага паўвостраву, на вастравах Эгейскага і Іянічнага мароў, на паўночным захадзе Малой Азіі была заснавана Лацінская імперыя.

IV крыжовы паход і заваяванне крыжакамі Канстанцінопаля замацаваў раскол 1054 году. Падзел паміж дзьвюма галінамі хрысьціянства стаў фактам. Адначасны збройны наступ крыжакоў на землі нашых продкаў і падуладныя ім тэрыторыі спрычыніўся да таго, што актыўнымі ўдзельнікамі міжхрысьціянскай барацьбы сталі цяпер і праваслаўныя хрысціяне Усходняй Еўропы. Мечаносцы разгарнулі актыўны наступ на балцкія і крывіцкія землі. У Падзвінні яны знішчылі залежныя ад Полацка хрысьціянскія княствы Герцыке і Кукейнос. Аднак у 1236 годзе ў бітве пад Саўле (мабыць, цяперашнія Шаўлі ў Літве) жамойты і земгалы нанеслі ордэну сакрушальную паразу.

На захадзе нашай краіны першыя сутыкненні з заходнім хрысціянствам адбыліся ў 1230-х гг. Асноўнаю сілаю, з якою сутыкнуліся нашы продкі, быў Нямецкі, або Тэўтонскі, ордэн, які афіцыйна называўся Ордэнам шпіталю Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Ерусаліме. У 1234 годзе мазавецкі князь, на чые ўладаньні нападалі балцкія плямёны, згадзіўся, каб рыцары і манахі стварылі самастойную дзяржаву на тэрыторыі Прусіі і такім чынам хрысцілі і утаймоўвалі прусаў. Яшчэ адзін рыцарскі ордэн асеў у Добжынскай зямлі. У 1233 годзе частка Добжынскага ордэну далучылася да тэўтонцаў, а другая частка неўзабаве атрымала ад мазавецкага князя падарунак – горад Дарагічын у цяпершанім Падляшшы. Гэты горад раней належаў Галіцка-Валынскамму княству. Мазавецкаму князю ўдалося яго захапіць. Аддаючы Дарагічын добжынскім рыцарам, мазавецкі князь думаў, што яны будуць надзейна бараніць Мазоўша ад галіцка-валынскіх князёў і ятвягаў. Аднак у 1237 годзе ў бітве пад Дарагічынам галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч разбіў Дабжынскі ордэн. Параза Ордэну мечаносцаў пад Саўле прымусіла яго далучыцца да тэўтонцаў (1237). У тым жа годзе да тэўтонцаў перайшлі і рэшткі Дабжынскага ордэну.

Да сярэдзіны ХІІІ ст. над балтамі і славянамі, якія жылі ў цесным суседстве, навісла сьмяротная небяспека. І гэтую пагрозу нёс Нямецкі ордэн. Яшчэ адной пагрозай для нашых продкаў было мангольскае нашэсце. Мангола-татары знішчылі Кіеў, прайшліся па Галіцка-Валынскай зямлі і пачалі ўрывацца ў паўднёвыя раёны цяперашняй Беларусі. Усе гэтыя небяспекі прымусілі нашых продкаў і балтаў кансалідавацца. Адказам на крыжацкую і мангольскую агрэсію было стварэньне ў сярэднім і верхнім Панямоньні новай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Саюзнікам, а потым і складоваю часткаю новае дзяржавы стаў Полацк.

Казаць, што барацьба з манаска-рыцарскімі ордэнамі мела выключна рэлігійны характар, нельга. Зацятая барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Нямецкага ордэну мела эканамічную і палітычную аснову. У гэтую працяглую і жорсткую барацьбу з Ордэнам, акрамя праваслаўных і паганаў, ад пачатку XIV стагоддзя былі ўцягнутыя і каталіцкія польскія дзяржавы.

Анатоль Сiдарэвіч, крыніца: www.svjazep.org, 23.05.2008.
Design by Zmicier

Ostatnia aktualizacja ( Thursday, 11 March 2010 )
< Poprzedni   Następny >

stat4u